У дзень нараджэння класіка на растоўскай зямлі з’явіцца куточак Беларушчыны – тут ствараецца мемарыяльны літаратурны пакой народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.
У 2017 годзе Пятрушынскай сельскай бібліятэцы, што ў
Растоўскай вобласці, прысвоена імя класіка беларускай літаратуры Івана
Мележа. Такое рашэнне прынята на заканадаўчым узроўні расійскага рэгіёна як
вынік плённага творчага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельскага абласнога
аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і іх расійскіх калег.
Як удакладніў Уладзімір Гаўрыловіч, беларускія і
расійскія літаратары з Растоўскай вобласці пасябравалі даўно, актыўна працуючы
разам у межах двух творчых праектаў – міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія
літаратурныя дажынкі” і ўзнікшага пазней міжнароднага фэсту-конкурсу паэзіі і
паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”.
– Калі зайшла гутарка пра новы творчы праект перакладаў у
2017 годзе, у якім напачатку працавалі толькі аўтары-гамяльчане, а пасля
ўключыліся прафесійныя і маладыя паэты ўжо з усёй Беларусі, сябра нашай краіны
расійскі паэт Леанід Север агучыў ідэю увекавечвання аднаго з творцаў
беларускай літаратуры на яго малой Радзіне, – адзначае У. Гаўрыловіч. – Мы
прапанавалі ўшанаваць памяць народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа,
выхадца з Хойніцкага раёна Гомельшчыны. І мелі рацыю: творца – удзельнік
Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка ранены ў 1942 годзе пад Растовам-на-Доне,
лячыўся ў растоўскім шпіталі, затым быў адпраўлены ў тыл і камісаваны.
Аформленая афіцыйна прапанова аддзялення была накіравана
кіраўніцтву расійскага рэгіёна, прынята, разгледжана і хутка рэалізавана:
імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа летам 2017-га атрымала
муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры «Пятрушынская сельская бібліятэка
Новабессяргенеўскага сельскага пасялення Неяклінаўскага раёна Растоўскай
вобласці”. Тады ж з удзелам кіраўніцтва Гомельскага аддзялення СПБ у Пятрушына
была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, абласная пісьменніцкая
арганізацыя перадала ў дар бібліятэкі кніжныя падарункі – творы Мележа.
Час паказаў: да творчасці класіка беларускай літаратуры ў
расійскай глубінцы цікавасць з году ў год толькі павялічвалася. На базе
бібліятэкі, якая носіць яго імя, штогод ладзяцца канферэнцыі, творчыя
сустрэчы, у тым ліку з гомельскімі творцамі, якія ўдзельнічаюць у працы
фестываля “Берагі дружбы”. А праз нейкі час па ініцыятыве супрацоўнікаў
бібліятэчнай установы і пры падтрымцы мясцовых уладаў,
нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Растоўскай вобласці» і
нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Кубані» было прынята рашэнне аб
далейшай папулярызацыі творчасці беларускага пісьменніка і адкрыцці да яго
100-годдзя на базе бібліятэчнай установы мемарыяльнага пакоя. Годная ініцыятыва
зноў аб’яднала творцаў і работнікаў культуры дзвюх краін. Так, па просьбе
Савета аддзялення СПБ работнікі Хойніцкага краязнаўчага музея і мемарыяльнага
літаратурнага музея Івана Мележа ў агр. Хойнікі зрабілі нямала электронных
копій фотадакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка-земляка, копій
арыгіналаў дакументаў, накіравалі іх у Растоўскую вобласць. Усе яны былі
скарыстаны пры падрыхтоўцы экспазіцыі.
Адкрыццё ж мемарыяльнага літаратурнага пакоя Івана Мележа запланавана якраз на 100-годдзе народнага пісьменніка Беларусі. Удзельнікамі гэтай важнай падзеі адначасова стануць няклінаўцы і гамяльчане: пісьменнікі, бібліятэчныя работнікі і краязнаўцы, прадстаўнікі органаў мясцовай улады двух краін. У анлайн-фармаце пройдзе міжнародны тэлемост, пад час якога ўрачыста беларусы і рускія адкрыюць новую музейную экспазіцыю, а таксама абмяркуюць далейшае супрацоўніцтва на ніве культуры і літаратуры.
Мікалай ІГНАТОВІЧ
Фота з уласнага архіва аўтара.