Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Навіны раёна
05.08.2021

Прафсаюзы АПК: зладжанасць і ўзаемаразуменне - плюсы роднасных экіпажаў на ўборцы збожжавых

 /Кар. БЕЛТА/. Зладжанасць і ўзаемаразуменне з'яўляюцца плюсамі роднасных экіпажаў на ўборцы збожжавых. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася намеснік старшыні Гомельскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Галіна Салавей.

На гэты момант ва ўборачнай кампаніі ў рэгіёне ўсяго задзейнічана 966 экіпажаў. На адвозцы збожжа працуюць 776 вадзіцеляў. У тым ліку плошчы збожжавых убіраюць 105 маладзёжных экіпажаў і 85 сямейных. На палях вобласці - 59 працоўных тандэмаў "бацька-дзеці". Часцей за ўсё бацькам-камбайнерам дапамагаюць сыны. Аднак ёсць выпадкі, калі ў сямейным экіпажы - дочкі. 14 экіпажаў складаюцца з братоў, яшчэ на 12 працуюць муж і жонка. "Плюсамі роднасных экіпажаў, бясспрэчна, з'яўляюцца зладжанасць і ўзаемаразуменне. Члены сямейных экіпажаў разумеюць адзін аднаго літаральна з паўслова. Гэта, безумоўна, уплывае на хуткасць і эфектыўнасць уборкі ўраджаю. А ў гэту гарачую пару кожная мінута дорага", - падкрэсліла яна.


Асаблівая ўвага і падтрымка на ўборачнай кампаніі - прадстаўніцам прыгожай палавіны чалавецтва. Жанчыны-камбайнеры або памочнікі камбайнераў - не рэдкасць у Гомельскай вобласці. У палі выходзяць 18 экіпажаў, у складзе якіх дзяўчаты і жанчыны. "Кардынальных адрозненняў у параўнанні з мужчынскімі экіпажамі няма. Многія тандэмы "муж-жонка" працуюць не першы ўжо год. Ужо другі год запар разам працуюць у КСУП "Губічы" Буда-Кашалёўскага раёна муж і жонка Уладзімір і Святлана Гуцавы, чацвёрты год запар у тандэме на ўборцы работнікі КСУП "Скараднянскі" Ельскага раёна муж і жонка Віктар і Наталля Яцухно", - расказала намеснік старшыні.


У трох экіпажах на борце з вопытнымі старшымі камбайнерамі памочнікамі з'яўляюцца іх дочкі. Так, у КСУП "Скараднянскі" Ельскага раёна паспяхова працуюць бацька і дачка Мікалай Сяргеевіч і Хрысціна Ляўкоўскія, у КСУП "Дзяржынскі-Агра" Рэчыцкага раёна - Вячаслаў Сяргеевіч і Аліна Ількавец, у ААТ "Веляцін Агра" Хойніцкага раёна - Уладзімір Мікалаевіч і Таццяна Здрок. Дарэчы, Таццяна працуе па спецыяльнасці. Яна нарадзілася ў в.Звяняцкае, скончыла Хойніцкі прафесійны ліцэй і атрымала не тыповую для дзяўчат кваліфікацыю трактарыста-машыніста сельскагаспадарчых работ. Цяпер разам з бацькам працуе ў ААТ "Веляцін Агра", удзельнічае ва ўборачнай кампаніі ў якасці памочніка камбайнера. Экіпаж Уладзіміра і Таццяны Здрок працуе на камбайне КЗС 12-18 і з'яўляецца лідарам у сваёй гаспадарцы. Бацька і дачка ўбралі 253 га і намалацілі больш за 600 т збожжа. "Спадзяёмся, што з часам мы ўбачым Таццяну ў якасці старшага камбайнера, які кіруе сельскагаспадарчай машынай па хлебнай ніве", - адзначыла Галіна Салавей.


Самы малады ўдзельнік уборачнай кампаніі 2021 года - прадстаўнік сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Дудзічы-Агра" Калінкавіцкага райна - Данііл Лявоцкі 2003 года нараджэння. Ён таксама працуе ў складзе сямейнага экіпажа - з братам Леанідам. У Гомельскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК з году ў год назіраюць рост моладзі на ўборачнай кампаніі. Напрыклад, у 2020 годзе было 99 маладзёжных экіпажаў, а ў 2021-м іх ужо 105. Не менш за 10 працэнтаў маладых вадзіцеляў з агульнай колькасці працуе на адвозцы ўраджаю. "У арганізацыях аграпрамысловага комплексу вялікая ўвага ўдзяляецца механізму настаўніцтва, калі за маладымі работнікамі замацоўваюцца вопытныя працаўнікі, якія перадаюць свае навыкі маладому папаўненню", - сказала Галіна Салавей.


Прафсаюзныя арганізацыі Гомельскай вобласці традыцыйна ўшаноўваюць перадавікоў уборачнай кампаніі. Выязджаюць непасрэдна ў поле з каштоўнымі падарункамі, уручаюць грашовыя прэміі. Для прыемных бонусаў выбіраюць неабходныя ў гаспадарцы прыборы і абсталяванне. Часта гэта бенза-і электрапілы, наборы інструментаў, кухонныя камбайны, мультываркі, мікрахвалевыя печы і іншая электрабытавая тэхніка.


Прафсаюзы падстаўляюць плячо аграрыям па многіх напрамках. У першую чаргу значная ўвага ўдзяляецца стварэнню камфортных і бяспечных умоў працы. "Перад аграрыямі стаіць важная задача: убраць ураджай своечасова і без страт, арганізаваць харчовую бяспеку краіны. Хлебаробам дарагі кожны дзень і кожная гадзіна. Таму забеспячэнне камбайнерам, механізатарам дастойных умоў працы - таксама задача немалаважная. Для іх прадугледжана двухразовае гарачае харчаванне і забеспячэнне пітной вадой. У многіх гаспадарках Гомельскай вобласці хлебаробы па выніках уборкі акрамя дастойнай заработнай платы, прэміі атрымаюць і бясплатнае збожжа, якім таксама змогуць распарадзіцца паводле свайго меркавання: рэалізаваць або выкарыстаць у сваёй прысядзібнай гаспадарцы", - растлумачыла намеснік старшыні Гомельскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.


Яшчэ да пачатку масавых уборачных работ тэхнічныя інспектары працы прафсаюзаў Гомельскай вобласці правялі маніторынг у гаспадарках. Яны вывучылі выкананне правіл аховы працы, адпаведнасць эксплуатуемай тэхнікі патрабаванням бяспекі. Асноўнымі момантамі, на якія звярталася ўвага, былі забеспячэнне сродкамі індывідуальнай аховы і спецадзеннем, стан і наяўнасць санітарна-бытавых памяшканняў і душавых, арганізацыя дастаўкі гарачага харчавання і пітной вады. Пры выяўленні парушэнняў правіл аховы працы наймальнікам даваліся рэкамендацыі па іх устараненні.


Уборачная кампанія прадаўжаецца, а значыць пільная ўвага галіновых прафсаюзаў - гаспадаркам рэгіёна.

Да спіса