Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Навіны раёна
07.09.2021

Раённая газета – асаблівая планета










































Наўрад ці пакрыўлю душой, калі скажу, што ў мае дзіцячыя і юнацкія гады раённую газету выпісвалі ў большасці вясковых хат. У сумцы паштальёна раёнка займала, бадай, больш месца, чым усе астатнія выданні. Яе падпісны кошт быў самы танны, вось і падпісвалі ўсіх: прафсаюзы – тых, хто працаваў, паштальёны – пенсіянераў. Не атрымліваць хоць якую газету вяскоўцы не маглі сабе дазволіць. Тэлевізараў тады яшчэ многія не мелі, а слухаць радыё асабліва не было калі: яно ж гаворыць у хаце, а ты з раніцы да вечара на двары. А там і адпачываць пара. Газету ж можна было прачытаць у любы вольны час, нават паклаўшы спаць дзяцей. Ды і цікава ведаць раённыя навіны.

Выпісвалі “Авангард” і мае бацькі. Праўда, чыталі газету пераважна маці ды я. Ад коркі да коркі, як кажуць. Спачатку я толькі чытаў, а потым, калі пачаў складаць вершы, вырашыў і сам нешта напісаць. Мой журналісцкі дэбют, як гэта не гучна сказана, адбыўся 13 мая 1969 года. Менавіта ў гэты дзень у газеце “Авангард” была змешчана мая кароценькая заметка “Памяць аб загінуўшых” пра мітынг-рэквіем, які вучні Патапаўскай СШ правялі каля помніка воінам, загінуўшым падчас вызвалення ў лістападзе 1943 года ад акупантаў нашай і прылеглых вёсак. Першая публікацыя настолькі акрыліла, што я пачаў пісаць пра ўсе, няхай і не надта значныя, мерапрыемствы, якія адбываліся ў роднай школе. І, як не дзіўна, мае заметкі друкавалі. Неўзабаве ў сваёй селькараўскай творчасці я выйшаў і за школьныя межы, замахнуўшыся на саўгасныя справы. Праўда, з-за сваёй прыроднай сарамлівасці ні з кім са сваіх герояў, апроч настаўнікаў, не сустракаўся: проста яны жылі побач, часам нават на адной са мной вуліцы, і сёе-тое з іх біяграфій і працоўных поспехаў я ведаў ці чуў ад бацькоў. Запрашалі перадавікоў гаспадаркі і на класныя, і агульнашкольныя мерапрыемствы; я ўжо не кажу пра ўдзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – на шчасце, тады іх лік ішоў на дзясяткі, хоць прыходзілі да нас, як правіла, лічаныя, заўсёды адны і тыя ж.

У старэйшых класах я нават асмельваўся крытыкаваць саўгаснае кіраўніцтва, бо вельмі ж крыўдна было, што мой родны саўгас “Патапаўскі” па многіх вытворчых паказчыках займае ніжнія радкі ў табліцах раённага спаборніцтва (яны друкаваліся ў кожным нумары газеты: па малаку, мясу, нарыхтоўцы кармоў, ураджайнасці збожжавых і бульбы). Памятаю, як пасля публікацыі матэрыяла, як бы здавалася, з даволі прэтэнцыёзнай для школьніка назвай “Кіраваць трэба ўмеючы” тагачасны дырэктар саўгаса Яртык, сустрэўшы бацьку, які працаваў у сталярцы, нават паскардзіўся яму: маўляў, супакоіў бы свайго хлопца. Тады бацька пра гэтую размову не сказаў мне нічога – толькі праз гады прызнаўся.

Прыемна, што маё супрацоўніцтва з “Авангардам” ацанілі і ў рэдакцыі: узнагародзілі граматай, уключылі ў склад раённай дэлегацыі на абласны сход рабселькараў. Я тады паехаў у Гомель упершыню самастойна, без маці. Да гэтага самастойна ездзіў толькі ў Буда-Кашалёва – у тую ж рэдакцыю “Авангарда”, у дзверы якой па першым часе не адразу асмельваўся і зайсці: здаралася, што некалькі разоў падыходзіў, нават браўся за дзвярную ручку, ды адчыніць іх не хапала духу – цяпер, калі я свой у сталічных выдавецтвах і рэдакцыях многіх газет і часопісаў, нават смешна пра гэта ўспамінаць.

Аднойчы, прачытаўшы ў газеце аб’яву аб пасяджэнні літаб’яднання “Зарніцы”, якое дзейнічала пры рэдакцыі, паехаў на яго і сам. Праседзеў там, канешне, моўчкі, але ж затое пабачыў многіх з тых, чые творы чытаў на старонках газеты, у прыватнасці, свайго земляка Уладзіміра Дзюбу, які прыехаў з Мікалаеўкі, дзе пасля заканчэння філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта настаўнічаў у мясцовай школе. Курыраваў літаратурную суполку намеснік рэдактара газеты Уладзімір Сцяпанавіч Хмяльніцкі. Гэта ён некалі як бы незнарок паскардзіцца: “Вось друкуюцца хлопцы і дзяўчаты ў “Авангардзе”, а потым з’язджаюць на вучобу ў Мінск ці Гомель і ўжо тамашнім выданням прапануюць свае творы, а на раёнку, якая, па сутнасці, дала ім пуцёўку ў літаратуру, забываюць – хоць бы верш калі даслалі”. Глыбока ў душу запалі мне тыя словы, і таму імкнуся і па сёння не парываць сувязі са сваёй газетай (думаю, яе пастаянныя чытачы заўважылі гэта).

Згадваю, як у сёмым класе, яшчэ да першай апублікаванай заметкі, адправіў у “Авангард” свае вучнёўскія паэтычныя пробы пяра. І вось у нумары за 25 студзеня 1969 года ў аглядзе літаратурнай пошты пад назвай “Паэтычна – значыць вобразна” чытаю (прыводжу абзац цалкам): “У малым артыкуле нельга падрабязна спыніцца на вершах вучня з Патапаўкі Анатоля Зэкава. Але хочацца параіць Анатолю больш назіраць за жыццём. Не прыдумляць сабе позы, як ён зрабіў у вершы “Всё можно сделать в жизни”, а больш працаваць над рытмам, бо кожная страфа ў яго вершы “Зімой” напісана рознымі памерамі. Рыфма то парная, то сумежная. Анатолю трэба заняцца тэорыяй літаратуры і чытаць творы класікаў больш удумліва. Вучыцца ў іх вобразнасці, пявучасці твораў”.

Нягледзячы на такую, здавалася б, знішчальную крытыку аўтара агляду Уладзіміра Бабкова, я ўсё ж быў шчаслівы, бо ўпершыню пабачыў сваё прозвішча друкаванымі літарамі. А неўзабаве на старонках “Авангарда” з’явіліся і мае ўласныя паэтычныя творы. Гэта былі вершы для дзяцей: “Света і кветкі”, “Света і матылёк”. Пазней, калі я пачаў пісаць выключна для дарослых, тагачасны кіраўнік літаб’яднання Уладзімір Бабкоў, буда-люшаўскі зямляк вядомага ў Беларусі дзіцячага пісьменніка, а цяпер і майго добрага сябра Міколы Чарняўскага, сказаў: “Ты яшчэ абавязкова вернешся да дзіцячых вершаў, бо гэта тваё”. І як у ваду глядзеў: большая палова з чатырох дзясяткаў маіх кніг адрасавана менавіта юным чытачам.

А ў тыя школьныя гады я з нецярпеннем чакаў кожны нумар газеты, якая выходзіла тады на чатырох палосах тры разы на тыдзень – у аўторак, чацвер і суботу, і пачынаў знаёмства з ім звычайна з апошняй, дзе штомесячна змяшчалася літаратурная старонка “Зарніцы”. Вершы, кароткія апавяданні і лірычныя замалёўкі мясцовых літаратараў друкаваліся і акрамя гэтай старонкі. Я старанна адкладваў і збіраў такія нумары і потым не аднойчы даставаў і перачытваў вершы таго ж Уладзіміра Бабкова, Уладзіміра Дзюбы, Анатоля Мільячэнкі, Міколы Літвінава, Уладзіміра Лаўрэнава, Аляксандра Шкурына, Валянціны Церашковай, апавяданні Таццяны Гарэлікавай, Язэпа Куралікава і Аляксандра Старыка, сатырычныя мініяцюры Васіля Дружкова, творы іншых мясцовых паэтаў і празаікаў. Гэтыя нумары, зрэшты, у многім дапамаглі і праз дзсяцігоддзі, калі мы разам з Міколам Чарняўскім пры падтрымцы тагачаснага старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Іванаўны Алексінай складалі зборнік “Будакашалёўшчына літаратурная”, які выйшаў у 2013 годзе і быў прэзентаваны ў карціннай галерэі імя Яўсея Маісеенкі г. Буда-Кашалёва з шырокім удзелам чытачоў і яго аўтараў. Паўтарыць бы падобнае выданне зноў, бо за сем гадоў у многіх яго аўтараў з’явіліся новыя творы і новыя кнігі. Тым больш, што за гэты час членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі сталі яшчэ дзве нашы зямлячкі – Таццяна Прышчэпава і Надзея Буранава (Надзея Буракова), творы якіх маглі б знайсці сваё месца ў новай анталогіі.

…Ужо амаль сорак гадоў я жыву ў Мінску. Ды “Авангард” прыходзіць да мяне і туды. Выпісваю, чытаю, заўсёды ў курсе ўсяго, што адбываецца ў родным мне раёне. Калі ж прыязджаю на радзіму – у сваю Патапаўку (апошнім часам, як выйшаў на пенсію, гэта выпадае значна часцей, чым было раней), чытаю газету там, бо яе выпісвае мая сястра Галіна, якая, можна сказаць, перасялілася на сталае жыхарства са Жлобіна ў вёску, каб даглядаць на тры гады старэйшага за “Авангард” бацьку.

Мой працоўны і журналісцкі шлях пачынаўся з гомельскай раённай газеты “Маяк”, таму я не па нейчых аповедах, а знутры адчуў і ведаю, як робіцца раёнка і як няпроста быць яе карэспандэнтам. Бадай, нашмат цяжэй, чым рэспубліканцам. Раённая газета – гэта асаблівая планета. Сваім невялікім штатам рэдакцыя павінна паспець асвятліць усе падзеі і мерапрыемствы, што адбываюцца ў раёне, распавесці пра людзей, якія шчыруюць у розных сферах чалавечай дзейнасці, даць неабходныя кансультацыі і карысныя парады чытачам па тых ці іншых жыццёвых пытаннях. Не ведаю, як лічыць раённае начальства, а на маю думку,“авангардаўцы” з гэтым упаўне спраўляюцца. З юбілеем, землякі! Новых поспехаў вам, заўсёднага аптымізму і творчага натхнення!


Анатоль ЗЭКАЎ,

няштатны карэспандэнт газеты “Авангард” (1969 – 1972), член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна

Да спіса