Галоўная / Раён

Раён

Буда-Кашалёўскі раён знаходзіцца на паўночным усходзе Гомельскай вобласці Беларусі, на левабярэжжы ракі Днепр. Створаны 17 ліпеня 1924 года. З ліквідаванага ў 1962 годзе Уваравіцкага раёна перададзены ў Буда-Кашалёўскі Бярвёнаўскі, Блюдніцкі, Глазаўскі, Івольскі, Калінінскі, Крыўскі, Ліпскі, Смычкоўскі, Акцябрскі, Чабатовіцкі сельсаветы і гарадскі пасёлак Уваравічы.

Адміністрацыйны цэнтр - горад Буда-Кашалёва. Плошча 1604 км2. Раён падзяляецца на 15 сельсаветаў і райцэнтр.

Мяжуе на поўдні з Гомельскім, на ўсходзе - з Веткаўскім і Чачэрскім, на поўначы – Рагачоўскім, на захадзе – Жлобінскім і Рэчыцкім раёнамі Гомельскай вобласці.

Паверхня раўнінная. Пераважаюць узвышшы 130-150 м, найвышэйшая кропка 157,6 м (паблізу вёскі Анастасьеўка).

Радовішчы торфу (Кабылянскае, 5,8 млн т), 3 пласты гліны і суглінку (608 млн м3).

На захадзе раёна працякае рака Днепр з прытокам Чарамха, на ўсходзе – правыя прытокі ракі Сож – Уза з прытокамі Іволька і Хочамля, Ліпа з прытокамі Гліна і Прудоўка, Чачора з прытокамі Дулепа, Любіча, Глыбокая.

Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя гліністыя, тарфяна-балотныя. Асушана 14,4 тыс. га балот і забалочаных зямель. 20 працэнтаў тэрыторыі займаюць лясы.

Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгунка Мінск–Гомель, шаша Доўск–Гомель.

Гісторыя Буда-Кашалёўскага раёна шмат у чым падобна да гісторыі большасці куткоў Беларусі. Аднак, як і чалавек, край мае індывідуальнасць, непаўторнасць.

Тут няма помнікаў археалогіі сусветнага значэння, прычынай чаго можна лічыць даволі позняе, па гістарычных мерках, засяленне гэтай тэрыторыі (вядома некалькі неалітычных стаянак, а таксама знаходкі ў 20 населеных пунктах каменных сякер, якія адносяцца да сярэднедняпроўскай культуры бронзавага веку). Значна большую цікавасць выклікаюць раскопкі гарадзішча ў г.п. Уваравічы, важнага эканамічнага цэнтра Верхняга Падняпроўя ў жалезным веку, узведзенага носьбітамі мілаградскай культуры ў VII-VI стст. да нашай эры, а таксама скарб з сямі старажытнарускіх білонных шыйных грыўняў, знойдзены паблізу пасёлка Казіны Рог (у Гомельскім Прыдняпроўі такія грыўні ў скарбах сустрэліся ўпершыню). Трэба таксама адзначыць знаходку арабскай манеты 930 года ў курганным могільніку каля г.п. Уваравічы.

У сувязі з тым, што ў тыя часы на тэрыторыі цяперашняга Буда-Кашалёўскага раёна не існавала гарадоў, звесткі ў пісьмовых крыніцах аб населеных пунктах нашага краю з'яўляюцца толькі з сярэдзіны XVI стагоддзя. У 1452 г. упершыню згадваецца населены пункт Буда-Кашалёўскага раёна, які існуе і да сённяшняга дня. Свідрыгайла Альгердавіч падарыў у той час баярыну Андрэю Саковічу сяло Гомельскай воласці Дуровічы (цяпер Дуравічы). Да пачатку XVI стагоддзя адносяцца звесткі аб населеных пунктах Уваравічы, Кашалёў лес (Кашалёў), Марозавічы, Ліпінавічы (Ліпінічы), Габатовічы (Чабатовічы) Бацуны (Бацунь), Губічы.

На працягу стагоддзя з'яўляюцца такія паселішчы як Елянец, Рагінь, Дзербічы, Лапічы. Існуе меркаванне, што ў перыяд казацка-сялянскіх паўстанняў з'явілася в. Гаўлі, назва якой мае ўкраінскае паходжанне («варона, няўважлівы, наіўны чалавек»). Некалькі з пералічаных вёсак (Губічы, Кашалёў, Марозавічы, Уваравічы) уваходзілі ў склад Стрэшынскага маёнтка, які належаў Віленскаму каталіцкаму біскупству. Астатнія ж знаходзіліся ў прыватных уладаннях прадстаўнікоў старажытных родаў Перасвет-Солтанаў, Халецкіх, Ліпінскіх, Дорыя-Дзерналовічаў.

На жаль, засталося вельмі мала дакументаў, якія б больш канкрэтна апісвалі жыццё Буда-Кашалёўшчыны да ўваходжання яе тэрыторыі ў склад Расійскай імперыі ў 1772 годзе. З нешматлікіх дакументаў цікавасць уяўляюць захаваныя ў архіве секцыі археалогіі (НАН РБ) запісы шэрага легенд аб партызанах-героях, якія пайшлі на шведа ў перыяд Паўночнай вайны, але пацярпелі паражэнне і былі пахаваны каля в. Гаўлі, Ліпа, Чабатовічы, Кашалёў і інш.

У XVIII стагоддзі з'яўляюцца новыя паселішчы - Сялец, Рудня, Славянец, Шарыбаўка, Буда, Бронніца, Ліпа. Гэта было выклікана ростам попыту на карабельны і будаўнічы лес, што паскорыла распрацоўку ляснога масіву размешчанага на тэрыторыі раёна (да 80-х гадоў XIX стагоддзя яго практычна не засталося) і Кашалёўскай дарогі.

Трэба адзначыць, што ў 1910 годзе ўзоры драўніны Буда-Кашалёўшчыны былі прадстаўлены на Сусветнай прамысловай выстаўцы ў Парыжы.

Важным для краю стаў 1873 год, калі ў строй быў уведзены ўчастак Гомель–Жлобін Лібава-Роменскай чыгункі. З гэтага года вядзецца летазлічэнне раённага цэнтра г. Буда-Кашалёва.

На працягу свайго развіцця Буда-Кашалёўскі раён быў земляробчым, аднак трэба адзначыць, што да канца XIX стагоддзя на Буда-Кашалёўшчыне выпускалі прадукцыю 48 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. Сярод якіх — шкляны завод, лесапільныя, цагельныя, станкастаночны і іншыя.

Цікавым фактам можна лічыць тое, што сенапрэсавальным заводам у вёсцы Крывы Рог валодаў англійскі падданы Я. Мак-Дональд.

Для развіцця прамысловасці патрабаваліся больш адукаваныя кадры. У 1845 годзе ў вёсцы Кашалёў было адкрыта першае народнае вучылішча, а ў 1905-1906 гадах тут была пабудавана новая школа, якая, дарэчы, працавала да 2004 года. Усяго да пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі сучаснага раёна знаходзілася 17 царкоўнапрыходскіх школ. А ў 1912 годзе ў Буда-Кашалёве адкрылася лясная школа (цяпер - установа адукацыі «Буда-Кашалёўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж»).

Падзеі 1917 і 1918 гадоў уносяць свае карэктывы ў жыццё краю, спустошанага першай сусветнай вайной. Паўсюдна арганізоўваюцца партызанскія атрады, якія ваявалі супраць нямецкіх і польскіх захопнікаў. Адзін з такіх атрадаў узнік у вёсцы Рагінь у снежні 1917 года. Спачатку ў ім было 12 сялян-беднякоў, узброеных адным рэвальверам, віламі і сякерамі. У хуткім часе атрад ператварыўся ў вялікае добра ўзброенае воінскае злучэнне, якое здзейсніла нямала подзвігаў у барацьбе супраць белапалякаў. Гэты ж атрад сумесна з іншымі змагаўся супраць немцаў, якія парушылі ўмовы Брэст-Літоўскага міру ў лютым 1918 года. 30 кастрычніка былі вызвалены населеныя пункты Буда-Кашалёва і Уваравічы, станцыя Уза, на якой 14 снежня пачаліся перагаворы паміж прадстаўнікамі нямецкага камандавання і савецкай дэлегацыяй.

Пачынаецца новы перыяд у гісторыі раёна, спачатку ў складзе РСФСР, а з 1924 года - у складзе БССР. У гэтым годзе быў створаны Буда-Кашалёўскі раён з цэнтрам у пасёлку Буда-Кашалёва, а з 1926 года – Уваравіцкі раён.

Зразумела, нельга не адзначыць дасягненні, атрыманыя да сярэдзіны 30-х гадоў. У раёне мелася 45 школ і 28 дашкольных устаноў, раённая бальніца, 5 - фельчарска-акушэрскіх пунктаў і 2 урачэбныя амбулаторыі, 78 калгасаў, машынна-трактарная станцыя, развітая сацыяльная сфера.

Нараўне з поспехамі ў развіцці раёна, у гэты перыяд надыходзіць яшчэ адна трагічная пара ў гісторыі Буда-Кашалёўшчыны. У архіўных матэрыялах 1921 года, па Буда-Кашалёўскім раёне сустракаюцца звесткі аб дзейнасці так званых «троек», якія пазней атрымалі нядобрую славу.  Пік рэпрэсій прыпадае на 1929 год. 18 мая 1929 года было арыштавана 17 чалавек, абвінавачаных у антысавецкай агітацыі і зрыве дзяржаўных кампаній. Шырокае распаўсюджанне атрымала фальсіфікацыя доказаў.

Чарговым выпрабаваннем для раёна стала нападзенне на нашу краіну фашысцкай Германіі. 14 жніўня 1941 года раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі сіламі.

У баях за Буда-Кашалёва па-геройску загінуў камандзір 61 стралковай дывізіі генерал-маёр М.А.Прышчэпа (адна з вуліц горада мае яго імя). Увесь цяжар вайны лёг на плечы мірных жыхароў. Акупанты рабавалі насельніцтва. Паборы суправаджаліся рэпрэсіямі і карнымі экспедыцыямі. 26 кастрычніка 1941 года былі праведзены масавыя арышты яўрэйскага насельніцтва ва ўсім раёне. Два месяцы людзей трымалі ў двухпавярховым будынку школы. Раніцай 27 снежня 485 арыштаваных расстралялі недалёка ад пасёлка Красны Курган.

Пад выглядам барацьбы з партызанамі карнікі знішчылі 83 жыхароў пасёлка Прыбар. За гады вайны на тэрыторыі раёна гітлераўцы спалілі 1336 дамоў і разрабавалі 78 калгасаў. На прымусовыя работы ў Германію было вывезена 1,2 тысячы чалавек. За гады вайны было знішчана 1700 мірных жыхароў раёна. Больш красамоўныя за сухія лічбы ўспаміны жыхароў раёна, якія перажылі тыя жудасныя падзеі. Ва Уваравічах «калыхалася і стагнала зямля» - мясцовых яўрэйскіх жыхароў карнікі жывымі закапалі каля вёскі, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 10 гадоў з вёскі Патапаўка выстраілі ў ланцуг і прымусілі ісці па мінным полі да Буда-Кашалёва. Такіх фактаў незлічонае мноства, яны прымушалі рана пасталелых дзяцей стаць плячо ў плячо з партызанамі і падпольшчыкамі. Р.М.Купрыяшчанка ў 14 гадоў стаў падрыўніком партызанскага атрада П.Мацюшкова. І гэта не адзінкавы выпадак. Дзеці пад кіраўніцтвам антыфашысцкіх груп з рызыкай для жыцця распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, збіралі на месцах нядаўніх баёў зброю і боепрыпасы.

Кіраўнікамі падпольнага руху ў раёне былі муж і жонка Закрэўскія. Яны аказвалі істотную дапамогу партызанскім фарміраванням, якіх на тэрыторыі раёна за час акупацыі было дваццаць пяць.

У красавіку 1943 года на тэрыторыі раёна адбылася буйная бітва, якая ўвайшла ў гісторыю партызанскай вайны ў Беларусі пад назвай Лазоўскі бой. Больш як 5 тысячам карнікаў процістаяла 10-я Журавіцкая брыгада колькасцю 2494 байцы. На працягу 14 гадзін партызаны трымалі ўдар гітлераўцаў і перамаглі.

27 лістапада 1943 года сіламі байцоў і камандзіраў 4-й Бежацкай, 323-й Бранскай, 96-й Гомельскай, 260-й Ноўгарад-Валынскай стралковай дывізій быў вызвалены Буда-Кашалёўскі раён.

Больш за 11 тысяч будакашалёўцаў змагаліся са зброяй у руках супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сярод іх поўны кавалер ордэна Славы А.Я.Андрыенка, Героі Савецкага Саюза камандзір дыверсійнага ўзвода Э.В.Лаўрыновіч, падрыўнік А.Л.Ісачанка, воіны Чырвонай Арміі А.Ц.Краўцоў, С.А.Панамароў. З ваенных франтоў не вярнуліся больш за дзевяць тысяч чалавек.

Таленавітым военачальнікам праявіў сябе ўраджэнец раёна віцэ-адмірал В.П.Дрозд, які загінуў пры абароне Ленінграда. Сваім целам закрыў амбразуру дзота ў Сталінградскай вобласці радавы М.П.Авяр'янаў. 125 паветраных баёў і 30 таранаў варожых самалётаў правёў двойчы Герой Савецкага Саюза генерал-маёр авіяцыі П.Я.Галавачоў.

Аднаўленне народнай гаспадаркі пачалося адразу ж пасля вызвалення раёна. Да канца 1945 года жыхары аднавілі ўсе даваенныя прадпрыемствы. Адкрываліся школы, фельчарска-акушэрскія пункты, раённая бальніца. Да пачатку 50-х гадоў у Буда-Кашалёўскім раёне быў дасягнуты даваенны эканамічны ўзровень. Слабыя гаспадаркі былі аб'яднаны ў 14 буйных калектываў, на базе 10 калгасаў малой магутнасці былі створаны 2 саўгасы - «Рагінь» і «Буда-Кашалёўскі».

З 1961 года пачала работу першая эксперыментальная база «Уваравічы», асноўнай спецыялізацыяй якой стала вырошчванне і пастаўка элітнага насення збожжавых і бульбы гаспадаркам раёна і вобласці.

Раён заняў лідзіруючае месца ў Гомельскай вобласці па вырошчванні бульбы, развіцці малочна-свінагадоўчага комплексу рэспублікі.

У 1962 годзе на базе 3 раёнаў - Буда-Кашалёўскага, Уваравіцкага і Чачэрскага быў створаны Буда-Кашалёўскі раён з цэнтрам у гарадскім пасёлку Буда-Кашалёва. А ў 1965 годзе Чачэрск і большасць яго сельскіх Саветаў утварылі самастойны раён. З 1976 года гарадскі пасёлак Буда-Кашалёва атрымаў статус горада.

Сур'ёзнай перашкодай на шляху развіцця раёна стала Чарнобыльская трагедыя, у выніку якой былі адселены жыхары 22 вёсак. Удар быў нанесены і па эканоміцы раёна. Амаль 10 тысяч гектараў сельгасугоддзяў былі выведзены з эксплуатацыі. Гэта прытармазіла, але не спыніла развіццё. І на сённяшні дзень Буда-Кашалёўскі раён адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў Гомельскай вобласці.