Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
Навіны рэспублікі
02.04.2021

Лукашэнка: кансалідацыя ў Саюзнай дзяржаве дае магчымасць аператыўна рэагаваць на выклікі і пагрозы

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў і расіян з нагоды святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 25 гадоў таму быў падпісаны дагавор аб стварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі, які даў магчымасць двум братэрскім народам пераадолець разбуральныя цэнтрабежныя тэндэнцыі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы і перайсці да будаўніцтва агульнага саюзнага дома на трывалай аснове гістарычнай, духоўнай і культурнай агульнасці.


"За чвэрць стагоддзя намі пройдзены значны шлях. Па глыбіні збліжэння нацыянальных заканадаўстваў, развіцці дагаворна-прававой базы і маштабах узаемадзеяння ў прамысловай, навукова-тэхнічнай, абароннай, знешнепалітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай галінах Саюзнай дзяржаве няма роўных на еўразійскай прасторы, - канстатаваў Прэзідэнт. - Мы не толькі захавалі, але і шматразова прымножылі кааперацыйныя сувязі ў вытворчасці, адукацыі і культуры".


У ліку агульных дасягненняў беларускі лідар назваў сумесны запуск касмічных апаратаў, стварэнне суперкамп'ютараў, рэалізацыю шматлікіх высокатэхналагічных праектаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Новай вяршыняй супрацоўніцтва, паводле яго слоў, стаў увод у эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС.


Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што грамадзяне Беларусі і Расіі маюць роўны доступ да адукацыі, аховы здароўя, сістэмы сацыяльнага забеспячэння, бесперашкоднага працаўладкавання, перамяшчэння і выбару месца жыхарства. "Гэтыя ўражальныя вынікі дзейнасці Саюзнай дзяржавы ўжо сталі прывычнымі для нас. У няпростых умовах мінулага года мы яшчэ раз пераканаліся, наколькі важныя магчымасці, якія многімі ўспрымаюцца як данасць. Наколькі каштоўнай з'яўляецца ўзаемная падтрымка", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


На яго думку, пацвярджэннем сапраўды братэрскіх, дружалюбных, непарыўных адносін паміж дзвюма краінамі стала аб'яднанне намаганняў у барацьбе з новай каранавіруснай інфекцыяй. "Пандэмія вельмі абвастрыла негатыўныя геапалітычныя трэнды, і сёння Беларусь і Расія зведваюць беспрэцэдэнтны націск звонку. У гэтай абстаноўцы кансалідацыя на ўсіх пляцоўках Саюзнай дзяржавы дае магчымасць нам аператыўна і эфектыўна рэагаваць на ўвесь спектр сучасных выклікаў і пагроз, надзейна гарантуе бяспеку і стратэгічную стабільнасць у рэгіёне", - звярнуў увагу беларускі лідар.


Кіраўнік дзяржавы лічыць відавочным, што расіяне і беларусы кроўна зацікаўлены ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, у далейшым паглыбленні саюзнай інтэграцыі на аснове прынцыпаў роўнасці і незалежнасці дзвюх дзяржаў.


"Упэўнены, што разам мы пераадолеем усе цяжкасці, пацвярджаючы правільнасць выбранага дваццаць пяць гадоў таму курсу на з'яднанне і сумеснае развіццё нашых краін у рамках Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт Беларусі пажадаў грамадзянам абедзвюх краін добрага здароўя, дабрабыту, мірнага бязвоблачнага неба, адзінства і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Да спіса