Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
Навіны рэспублікі
Зацверджана абноўленая Канцэпцыя дзяржаўнай кадравай палітыкі
04.01.2024

Зацверджана абноўленая Канцэпцыя дзяржаўнай кадравай палітыкі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў абноўленую Канцэпцыю дзяржаўнай кадравай палітыкі. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны Указ № 1.

У абноўленай Канцэпцыі забяспечана пераемнасць адносна раней прынятых дакументаў, улічаны практыка работы з кадрамі, агульнасусветныя тэндэнцыі развіцця працоўных адносін, сучасныя рызыкі і пагрозы кадравай бяспецы краіны.

Канцэпцыя ўстанаўлівае адзіныя падыходы да фарміравання і рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі, якая разумеецца як "дзейнасць дзяржавы па стварэнні цэласнай сістэмы фарміравання і эфектыўнага выкарыстання працоўных рэсурсаў, развіцця кадравага патэнцыялу галін эканомікі і сфер дзейнасці, арыентаванага на вырашэнне актуальных і перспектыўных эканамічных, сацыяльных і палітычных задач, а таксама па забеспячэнні кадравай бяспекі".

Вызначаны мэты дзяржаўнай кадравай палітыкі, яе задачы і прынцыпы, а таксама асноўныя паняцці, у тым ліку новае - "кадравая бяспека - стан абароненасці дзяржавы, галін эканомікі і сфер дзейнасці, рэгіёнаў і арганізацый ад унутраных і знешніх рызык, выклікаў і пагроз, звязаных з кадрамі і іх патэнцыялам".

Дзяржаўная кадравая палітыка грунтуецца на прынцыпах законнасці, забеспячэнні рэалізацыі правоў і свабод чалавека, захаванні балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай адказнасці, патрыятызму, грамадзянскасці і іншых.

У дакуменце раскрыты функцыі і роля ў вырашэнні задач дзяржаўнай кадравай палітыкі ўсіх яе суб'ектаў ад Прэзідэнта і Усебеларускага народнага сходу да арганізацый усіх форм уласнасці.

У канцэпцыі таксама вызначаны прыярытэтныя напрамкі кадравай палітыкі. Сярод агульных напрамкаў: процідзеянне пагрозам кадравай бяспекі, удасканаленне механізмаў прагназавання кадравай патрэбнасці, стымуляванне кадраў да павышэння прадукцыйнасці працы і ўзроўню кваліфікацыі, а таксама ўпарадкаванне працэсаў працоўнай міграцыі.

Прыярытэтамі на макраэканамічным узроўні з'яўляюцца забеспячэнне падрыхтоўкі запатрабаваных спецыялістаў, эфектыўнае выкарыстанне кадраў і стварэнне ўмоў для поўнай занятасці, на рэгіянальным - фарміраванне спрыяльнага асяроддзя і ўмоў для замацавання кадраў на месцах.

На дзяржаўнай службе неабходна забяспечыць стабільнасць дзяржаўнага апарату, кіруемасць кадравым складам, дзейснасць сістэмы падбору і расстаноўкі кадраў.

Для дасягнення прыярытэтных напрамкаў кадравай палітыкі прадугледжаны канкрэтныя механізмы, у тым ліку:

выбудоўванне кіраўнікамі ўсіх узроўняў сістэмнай работы з кадрамі і значнае павышэнне іх персанальнай адказнасці за належнае кадравае забеспячэнне;

  • забеспячэнне ўзгодненасці дзеянняў усіх суб'ектаў па развіцці кадравага патэнцыялу на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях (ад вызначэння агульнай патрэбнасці эканомікі ў кадрах да распрацоўкі і рэалізацыі рэгіянальных і галіновых кадравых праграм з выхадам на мікраўзровень стратэгічнага бачання кадравай палітыкі арганізацый і прадпрыемстваў);
  • удасканаленне маладзёжнай кадравай палітыкі (падрыхтоўка да свядомага выбару будучай прафесіі, духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне, стварэнне дадатковых умоў і стымулаў для замацавання на працоўных месцах маладых кадраў);
  • развіццё сістэмы падрыхтоўкі кадраў, рэгулявання працэсаў працоўнай міграцыі, а таксама лічбавізацыя кадравай работы.

Эфектыўнасць рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі ацэньваецца з улікам дасягнення паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пры гэтым улічваюцца сітуацыя на рынку працы, ступень дысбалансу ў попыце і прапанове кадраў, сістэмнасць работы кіраўнікоў з кадрамі, грамадзянская пазіцыя работнікаў і іншыя паказчыкі.

Канцэпцыя дасць магчымасць надаць дзейнасці па фармаванні кадравага патэнцыялу Беларусі больш сістэмны і скаардынаваны характар. Дакумент прызначаны стаць метадычным арыенцірам для кадравых службаў і кожнага кіраўніка, на якога ўскладваецца персанальная адказнасць за кадравую работу.

Указ № 1 ад 3 студзеня 2024 г.

Афiцыйны iнтэрнэт-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь

Да спіса