Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Гучы, будзіла. Як Віталь Карпінскі з Новай Гусявіцы сапраўдным лірнікам стаў 

15.03.2024

Мы зноў у гусявiцкiм цэнтры ткацтва, што ў Буда-Кашалёўскiм раёне. Але на гэты раз прывабiлi сюды не ручнiкi, а… музыка. Дакладнее, адзiн рэдкi iнструмент.

 

 














Ліра Карпінскага павінна абудзіць у людзях духоўнасць і павагу да культуры продкаў

Не блытайце са старажытна-грэчаскай

Колавая ліра – яна ж ліра карбова альбо старэцкая скрыпка. Вядома на беларускіх землях па розных звестках з ХVІ стагоддзя.

Шмат хто ведае ліру са старажытнагрэчаскай гісторыі – просты шчыпковы музычны інструмент, падобны на моцна загнуты лук з струнамі. Колавая ліра – інструмент смычковы. Ролю смыка іграе кола, што трэцца аб струны. Абывацелю нагадвае адразу і шарманку (трэба круціць ручку), і гуслі, і вялізную скрыпку.

Цэнтр ткацтва ў Новай Гусявіцы вядомы не толькі як творчы, але і навучальны аб’ект, дзе дзяцей і ўсіх жадаючых вучаць старажытным рамёствам. І не толькі ткацтву. Працуюць з дрэвам, саломай, скурай. Не так даўно арганізавалі сваю батлейку – народны лялечны тэатр. Хаця і скромнічаюць, маўляў, ён не зусім аўтэнтычная верcія. 

Так ці інакш, атмасфера ў цэнтры – этнакультурная, творчая, музыкальная. І захапляе ўсё болей і болей прыхільнікаў усяго беларускага. Аўтэнтыка вабіць як землякоў, так і замежных гасцей. Цяпер яшчэ і гукамі старажытнай ліры. 

 Абудзіць духоўнасць ад спячкі

На інструменце бачым надпіс: «Будзіла». Гэта і мянушка ліры, і назва песні, якую менавіта пад ліру напісала мясцовы бібліятэкар Ніна Сербунова. Песня пра абуджэнне вясны, але, як патлумачыў Віталь Валер’евіч, у ёй можна пачуць і заклік да абуджэння духоўнасці. Справа ў тым, што гістарычна на колавых лірах часцей выконвалі рэлігійныя музычныя творы.

Зрабіў сваю «будзілу» Карпінскі для батлейкі. Лялечны тэатр у цэнтры існуе не першы год, было шмат спектакляў. Але пакуль ён называецца «Казачная хатка». Кіруе лялькамі таксама загадчык разам з творчым калектывам. Можа, дарэчы, таленавіта мяняць голас: з густога басу да тонкага, дзіцячага.

Сапраўднай батлейкай тэатр стане бліжэй да Вялікадня. Вельмі хутка. Гэта будзе вялізная скрыня два на тры метры, з трыма паверхамі. Наверсе – нябёсы з анёламі. Унізе – пекла, нечысць. Пасярэдзіне – наш матэрыяльны свет. 

Зараз актыўна ствараецца рэпертуар гусявіцкай батлейкі. Большасць твораў будзе менавіта хрысціянскай тэматыкі. Благаслаўленне мясцовага духавенства на працу тэатра ўжо атрымалі. 

Ткач, дойлід і музыка

Цяжка зрабіць колавую ліру? Карпінскі працаваў над ёй урыўкамі тры месяцы. Перад гэтым шмат чаго давялося прачытаць, і не толькі ў інтэрнэце. Корпус ліры выдзяўбаны, таму інструмент важыць больш за 10 кілаграмаў. Чатыры струны: адна гітарная і тры ад віяланчэлі.

Колавыя ліры ў музычных магазінах не прадаюцца. Можна толькі зрабіць на заказ, ёсць майстры ў Мінску, Расіі. Каштаваць будзе не менш за 1000 долараў. Карпінскі ўклаўся ў 100 – гэта кошт матэрыялаў.

Калі зрабіў, вядома ж, вучыўся граць. Ліра атрымалася басавітай. Нізкае гучанне нагадвае бас-гітару, але з такімі пералівамі, якія адразу пераносяць слухача ў сярэднявечча. Гучыць ліра моцна, нават без мікрафоннай падтрымкі. Пераспяваць такі інструмент здолее не кожны выканаўца.

Бацькі ў Карпінскага ваенныя медыкі, прычым тата – рускі. Пасля доўгіх блуканняў па ўсяму Саюзу аселі на малой радзіме маці – у Гомелі. Было гэта ў 1982 годзе. Сам Віталь Валер’евіч – пенсіянер МУС. Сіл у яго, творчай энергіі, здаецца, на семярых хопіць. І планаў, праектаў не злічыць. Зараз вось захапляецца архітэктурнымі формамі з бетону. У гусявіцкім скверыку ўжо з’явілася мышка з казкі пра церамок. Літаральна праз некалькі тыдняў пачнецца закладка вялікага велікоднага яйка. 

Дарэчы, сімвал года – магутны бык, што ўпрыгожвае плошчу ў Буда-Кашалёве, таксама справа яго рук.

Ліра – не адзіны інструмент, на якім грае харызматычны загадчык. Валодае балалайкай. І на шматлікіх свістульках можа, якія сам вырабляе. Яшчэ паказаў імправізаваную ўдарную ўстаноўку: замест барабанаў – чыгункі. Гучаць звонка, кожны ў сваёй танальнасці. На кірмашы міма іх не пройдзеш.

А ці ёсць у Карпінскага музычная адукацыя? «Няпоўная, – смяецца ён. – Пару гадоў у музычнай школе па класу піяніна».

Што б ні ствараў Віталь Валер’евіч – ручнікі, інструменты, лялькі, вырабы з бетону – ва ўсім адчуваецца цяга да сапраўднага беларускага, спрадвечнага і народнага. Таму ўсе яго праекты і творы маюць моцны выхаваўчы эфект. Яны даюць моладзі магчымасць дакрануцца да вытокаў, разварушыць гены беларускасці.

Каб паслухаць ліру-будзілу, калі ласка, прыязджайце на Вялікдзень у Новую Гусявіцу. На свята там запланавана публічнае выступленне батлейкі, а таксама гурта «Вандроўнікі-валачобнікі» з Карпінскім на чале. Гурт выступаў у прошлым годзе на Вялікдзень, але тады спявалі больш а капэла. Цяпер музычны арсенал больш сур’ёзны. І цалкам аўтэнтычны.   

 Здаецца нам, што пачуць ліру можна і раней – міласці просім у Гусявіцкі цэнтр ткацтва. Загадчык не адкажа правесці для вас экскурсію з поўным гукавым суправаджэннем. 

P.S. Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, з Буда-Кашалёўскага раёна прыйшла вестка аб прысваенні Віталю Карпінскаму ганаровага звання «Чалавек года» ў намінацыі «Майстар» з уручэннем пасведчання райвыканкама, спецыяльнага прыза і з занясеннем на раённую Дошку гонару. Віншуем! 






























































Источник: http://gp.by

© Правда Гомель


© БУДА-КАШАЛЕЎСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2024.