Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Па-суседску

09.01.2024
Менавіта так у літаральным сэнсе гэтага слова трэба жыць з суседзямі. А сярод іх, як звычайна, людзі рознага ўзросту. Таму павага, разуменне, нярэдка і дапамога адзін аднаму адыгрываюць не апошнюю ролю ва ўзаемаадносінах.

Да таго ж, калі не забыліся, існуюць і правілы пражывання ў дамах. І любы, хто засяляецца ў кватэру, павінен іх прытрымлівацца, каб не вызваць з боку жыльцоў абурэння. Бо яно можа абярнуцца не на карысць яму.

Добра, калі рамонтныя работы адбываюцца днём, калі знаходзішся на працы. Але ж нярэдка новыя жыльцы пачынаюць пілаваць, свідраваць, шліфаваць у свой вольны час ці ў выхадныя дні, як у маім выпадку. На працягу года так і чуеш зверху грукатлівыя гукі перфаратара ў тандэме з малатком і пілой. Іншы раз гэта так нярвуе, часам трымаешся з усіх сіл, каб не ўступіць у спрэчку. Абрыдла ўжо. Але, як паказвае жыццё, чым больш разумееш па-суседску, тым горш для сябе. І ў навагоднія дні мая нярвовая сістэма не вытрымала.

Сусед жыве вышэй мяне паверхам, па ўзросце яму больш за 50, аднак ён лічыць, што вакол яго нікога няма. Што хачу, тое і раблю – яго жыццёвы прынцып. У першы дзень новага года, на здзіўленне, адпачываў. А на другі ўжо стукаў-грукаў, ледзь супыніўся пасля 23.00. Нядзеля, 3-га студзеня, канчаткова падкрэсліла хамскія паводзіны гэтага чалавека. Схапіўшы свой любімы інструмент, ён бурыў ужо ўваходныя дзверы. Дзве з паловай гадзіны амаль не супыняўся. Здавалася, што працуе ў шахце. Пераблытаў, відаць. Увесь пад’езд напоўніўся шэрым пылам і непрыемным пахам.

Галава разрывалася на часткі. «Калі ж гэта скончыцца?» – крыкнула я суседу, а затым патэлефанавала. Праўда, замест прабачэння наткнулася на абурэнне. «Тэлефануйце куды хочаце, я буду рабіць, колькі мне спатрэбіцца», – незадаволена выпаліў ён. У сапраўднасці так і адбылося. Як вынік: сапсаваны настрой і галаўны боль.

Вось так і пачынаюцца «суседскія войны». Толькі пазбаўляць сябе спакойных выхадных дзеля такіх людзей – гэта не варыянт, бо яны ніколі не будуць жыць па-суседску.

Алена БЕЛКА
© БУДА-КАШАЛЕЎСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2024.