Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Беларусь і Расія зацікаўлены ўмацоўваць прамыя кантакты паміж установамі адукацыі - Карпенка

17.06.2024
Сёння адбылося пятае пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і ўрадам Новасібірскай вобласці Расіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

У прывітальным слове міністр адукацыі Ігар Карпенка падзякаваў удзельнікам пасяджэння за адкрыты і канструктыўны дыялог, накіраваны на развіццё двухбаковага ўзаемадзеяння. "Мы надаём прыярытэтнае значэнне пытанням далейшага паглыблення рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у адукацыйнай сферы і разглядаем умацаванне прамых кантактаў паміж установамі адукацыі Беларусі і адукацыйнымі арганізацыямі Расіі ў якасці аднаго з асноўных элементаў такога ўзаемадзеяння", - сказаў ён.

Міністр паведаміў, што за перыяд дзеяння пагаднення паміж урадам Беларусі і адміністрацыяй Новасібірскай вобласці аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж універсітэтамі падпісана 28 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве. У рамках гэтых дагавораў рэалізуюцца навуковыя праекты, ажыццяўляецца абмен вопытам і праводзяцца сумесныя мерапрыемствы.

Сёння падпісаны яшчэ 11 дагавораў і пагадненняў. "Неабходна, каб усе дакументы працавалі з поўнай аддачай на карысць нашых дзяржаў", - пажадаў Ігар Карпенка.

Сярод прапаноў беларускай дэлегацыі - прадоўжыць практыку абмену студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі, якая добра зарэкамендавала сябе, і актывізаваць запрашэнне вядучых вучоных у рамках праграмы "Запрошаны прафесар". Ва ўмовах лічбавізацыі грамадства ўзнікла неабходнасць развіваць новыя фарматы навучання і навуковую дзейнасць. Перспектыўным бачыцца распрацоўка сумеснай праграмы паміж факультэтам лічбавай эканомікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і факультэтам інфармацыйных тэхналогій Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гатовы да далейшага супрацоўніцтва з новасібірскімі калегамі і навукова-тэхналагічны парк БНТУ "Палітэхнік" па рэалізацыі беларуска-расійскага праекта па выпуску вырабаў медыцынскага прызначэння для кардыяхірургіі.

Шэраг беларускіх універсітэтаў уключаны ў рэалізацыю праекта "Універсітэт 3.0" - трыадзінства навукі, адукацыі і тэхналагічных інавацый. Пляцоўкай для яго рэалізацыі з'яўляюцца тэхнапаркі, міжгаліновыя лабараторыі, цэнтры трансферу тэхналогій, якія створаны пры ўстановах вышэйшай адукацыі. У сувязі з гэтым прапануецца абмяняцца двухбаковым вопытам па камерцыялізацыі навуковых даследаванняў і стварэнні такіх інавацыйных кластараў.

Важнае значэнне ў сістэме адукацыі адводзіцца праектам у сферы выхавання, маладзёжнай палітыкі, падтрымцы маладзёжных ініцыятыў. "Сістэма адукацыі - не бізнес-асяроддзе, а інстытут сацыялізацыі маладых людзей, які забяспечвае як навучанне, так і выхаванне асобы. Моладзь павінна быць уключана ва ўсе працэсы жыццядзейнасці праз магчымасці часовай працоўнай занятасці, студатрадаўскага і валанцёрскага руху", - лічыць міністр. Адсюль і прапанова - рэалізаваць сумесны валанцёрскі анлайн-праект. З боку Беларусі арганізатарамі выступяць Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. БДУ гатовы да рэалізацыі новых праектаў у сферы студатрадаўскага руху з Новасібірскім рэгіянальным штабам студэнцкіх атрадаў.

Асаблівая ўвага ўдзелена дзейнасці Міжнароднага расійска-беларускага цэнтра міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры, заснавальнікамі якога выступілі Новасібірскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуска-расійскі ўніверсітэт, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры, Сацыяльна-культурнае ГА "Спадчына". Ігар Карпенка дадаў, што рэалізаваны ў мінулым годзе праект - міжнацыянальны культурны анлайн-дыялог "Расія і Беларусь - 2020" - стаў важнай адукацыйнай і культурнай пляцоўкай, накіраванай на падтрымку і ўмацаванне Саюзнай дзяржавы і агульнай гістарычнай спадчыны двух народаў.

"Лічу неабходным актывізаваць работу цэнтра па пашырэнні ідэй Саюзнай дзяржавы, патрыятычнага выхавання, прыцягненні моладзі да выпрацоўкі грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на падтрымку і ўмацаванне дзяржаўнасці", - прапанаваў міністр.

Беларуская дэлегацыя таксама прыняла ўдзел у цырымоніі ўскладання вянка да манумента Славы ў гонар подзвігу сібіракоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праграма знаходжання беларускай дэлегацыі ўключае і прэзентацыю спецыялізаванага вучэбна-навуковага цэнтра Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта, наведванне тэхнапарка Новасібірскага Акадэмгарадка.-0-
© БУДА-КАШАЛЕЎСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2024.