Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Галоўная / Навіны / Навіны вобласці
Навіны вобласці
10.10.2024

Новы манеўровы цеплавоз увялі ў эксплуатацыю на БЧ. Ён адправіўся са станцыі Гомель

Новы манеўровы цеплавоз ТЭМ18ДМ расійскай вытворчасці ўвялі ў эксплуатацыю на Беларускай чыгунцы раніцай 10 кастрычніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адпраўленне саставу ў дарогу адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы на чыгуначным вакзале станцыі Гомель. Начальнік дзяржаўнага аб'яднання "Беларуская чыгунка" Валерый Вярэніч падкрэсліў, што для стальных магістралей гэта знакавая падзея. "За больш як 160-гадовую гісторыю чыгуначнага транспарту ён стаў сімвалам прагрэсу, надзейнасці і пастаяннага руху наперад. Мы не стаім на месцы і пастаянна развіваемся, імкнучыся зрабіць БЧ яшчэ больш канкурэнтаздольнай, сучаснай, гібка рэагуючай на запыты часу. Таму адзін з важнейшых напрамкаў - абнаўленне парку рухомага саставу, паколькі штогод БЧ перавозіць мільёны тон грузаў і мільёны пасажыраў", - сказаў ён. Паводле слоў Валерыя Вярэніча, увод у эксплуатацыю новых цеплавозаў павысіць эканамічную эфектыўнасць манеўровай работы, знізіць шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе і створыць больш камфортныя ўмовы працы для лакаматыўнай брыгады. І гэта чарговы прыклад мадэрнізацыі транспартнага комплексу Беларусі.

Увод новага цеплавоза адбыўся ў прысутнасці прадстаўнікоў транспартнага комплексу, кампаніі "Трансмашхолдынг", а таксама студэнтаў профільных ВНУ, навучэнцаў транспартных класаў. Валерый Вярэніч выказаў надзею, што многія з іх у хуткім часе папоўняць рады чыгуначнікаў. "А нехта з вас будзе кіраваць і гэтай слаўнай машынай", - дадаў ён.

Цеплавоз ТЭМ18ДМ у два разы больш эканамічны за сваіх папярэднікаў і ў некалькі разоў больш экалагічны. У кабіне машыніста забяспечаны камфортныя ўмовы для работы.

У 2023 годзе праходзіла так званая адаптацыя - доследная эксплуатацыя на магчымасць выкарыстання гэтага лакаматыва на сетцы БЧ. "Яна прайшла паспяхова. Усяго на гэты год запланавана пастаўка 10 такіх лакаматываў. Тры ўжо прыбылі ў верасні, сем чакаюцца да канца года. І гэта толькі першы такі сур'ёзны крок на шляху пераўзбраення Беларускай чыгункі", - акцэнтаваў увагу начальнік БЧ.

Сучасны рухомы састаў і абсталяванне, удасканаленне тэхналагічнага працэсу і пастаяннае павышэнне якасці паслуг - асноўныя прыярытэты развіцця і складнікі эфектыўнай работы Беларускай чыгункі. У гэтым напрамку супрацоўніцтва з расійскім вытворцам мае асаблівае значэнне, паколькі для Беларусі Расійская Федэрацыя была і застаецца стратэгічным партнёрам у вытворчай і сацыяльна-эканамічнай сферах дзейнасці, адзначылі ў БЧ.

Як падкрэсліў дырэктар па продажах Бранскага машынабудаўнічага завода Сяргей Лабанаў, супрацоўніцтва з БЧ - адзін са стратэгічна важных напрамкаў для прадпрыемства. "Мы - братэрскія краіны, знаходзімся ў адзінай прасторы, адчуваем санкцыйны націск. І толькі дзякуючы развіццю ўзаемавыгаднага стратэгічнага партнёрства, пачуццю пляча ёсць магчымасць выстаяць і развівацца далей. Манеўровы цеплавоз ТЭМ18ДМ - наш серыйны лакаматыў, абсталяваны ў адпаведнасці з апошнімі патрабаваннямі эрганомікі, экалагічнасці. Адна машына знаходзілася ў доследнай эксплуатацыі тут і за гэты перыяд яна пацвердзіла заяўленыя характарыстыкі, паказала, што можа працаваць на БЧ. Дзякуючы гэтаму і пачалі пастаўкі. Для БЧ гэта першыя пастаўкі такой мадэлі", - сказаў ён.

Пасля падачы дазваляльнага сігналу манеўровы цеплавоз ТЭМ18ДМ з грузавымі вагонамі адправіўся з першага пуці станцыі Гомель. На першым этапе зонай абслугоўвання стануць Гомель і Магілёў.

Таксама ўсе жадаючыя змаглі азнаёміцца з выстаўкай дзеючых на Беларускай чыгунцы манеўровых лакаматываў і цеплавоза ТЭМ18ДМ.

Сведкамі падзеі сталі ўдзельнікі ІІ злёту навучэнцаў транспартных класаў чыгуначнай накіраванасці. Так, навучэнец транспартнага класа сярэдняй школы нумар 16 г. Баранавічы Савелій Камароў падзяліўся сваімі ўражаннямі: "Чыгунка - мая мара. Заўсёды хацеў стаць машыністам, кіраваць гэтымі вялізнымі цяжкавагавікамі. У мяне дзядзька працуе на электравозах. Але я больш хачу пасажырскімі паяздамі кіраваць". Прыцягвае чыгунка і яго таварыша Дзяніса Мароза, які бачыць сябе ў будучым машыністам пасажырскага поезда. Праграма для юных чыгуначнікаў насычаная, а наперадзе - шлях у прафесію.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Да спіса